Будынак пабудаваны ў 1995 годзе. Пераканструяваны ў Дом культуры ў 2005. У ім маецца канцэртная зала на 86 пасадачных месцаў, два памяшканні для работы любіцельскіх фарміраванняў.
Асноўныя накірункі дзейнасці ўстановы: вывучэнне і адраджэнне нацыянальных звычаяў, абрадаў, традыцый, беларускай мовы і нацыянальных рамёстваў.
Гурток “ Этнографы “ быў створаны ў 2016 годзе.
Галоўная мэта работы гуртка “ Этнографы” адлюстравана ў наступных словах Я. Купалы:
Не шукай ты шчасця, долі.
На чужым, далёкім полі…
Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песні напявала,
Як малога калыхала.
Асноўнымі задачамі дзейнасці клубнага фарміравання з'яўляюцца:
прыцягненне моладзі і дзяцей да пошукавых работ прадметаў побыту нашых продкаў;
вывучэнне этнаграфічнай спадчыны;
фарміраванне любові да гісторыі свайго рэгіёна, беражлівых адносін да прадметаў даўніны.
Этнаграфічны гурток - гэта адзін са спосабаў захавання і развіцця народных традыцый і абрадаў нашага рэгіёну.
З самага пачатку стварэння гуртка была пастаўлена мэта сабраць прадметы побыту жыхароў свайго рэгіёну, дэкаратыўна-прыкладной народнай творчасці.
Дзейнасць гуртка:
пошук прадметаў побыту нашых продкаў;
расстаноўка і сартаванне знойдзеных прадметаў;
вывучэнне кожнага прадмета з занясеннем яго ў кнігу паступлення прадметаў з прысваеннем яму нумара, правільнай назвы, абазначэнне матэрыялу і тэхнікі вырабу, памеру, захаванасці, слядоў зносу;
прэзентацыя знойдзеных прадметаў праз выставы, фальклорныя святы, экскурсіі.
Дзякуючы экспедыцыям гурткоўцаў у першы год было сабрана больш за 40 экспанатаў. І гэта дазволіла адкрыць этнаграфічны куток «Беларуская хата» ў Яноўскім СДК. На сёняшні дзень ён налічвае больш за сто экспанатаў. Сярод іх прадметы сялянскай працы і быту: калаўрот, вугальны прас, кросны, дзягцярніца, кубелец і інш. Сабрана ўпрыгожванне хаты: даматканыя ручнікі, посцілкі, абрусы, ходнікі, коўдра… А яшчэ добра прадстаўлены краснапольскі строй адзення, у камплекце якога андарак, кашуля, фартух.
Пошукавая і даследчая дзейнасць: арганізацыя фальклорных экспедыцый па вёсках Курбакі, Каз-Буда, Малінаўка, пасёлак Перадавы да бабуль і дзядуль (гутаркі са старажыламі, знаходжанне этнарэчаў, запіс фальклорных спеваў бабуль, якія з`яўляюцца носьбітамі культуры вёскі).
У фальклорныя праграмы і песенны рэпертуар ансамля “Яначкі” ўваходзяць запісаныя ў ходзе этнаграфічных экспедыцый творы.
На аснове сабранай у ходзе фальклорных экспедыцый інфармацыі клубнай установай зроблена сцэнізацыя абрадаў “ Тройца”, “ Шчодры”.
Экспанаты шырока выкарыстоўваюцца ў час правядзення розных фальклорных свят: “ Саракі”, “ Троіца”, “ Калядкі”, “ Купалле”, “ Масленіца” і іншыя.
Этнаграфічны куток выкарыстоўваецца як для правядзення клубных мерапрыемстваў, так і для правядзення пазакласных заняткаў школьнікаў па этнаграфіі. “ Беларуская хатка” прываблівае і старых, і малых. Першыя знаходзяць тут асалоду ад судакранання са сваёй маладосцю і знаёмай атмасферай ужо далёкага быту і маюць магчымасць выказацца і паўспамінаць. Дзеці паглыбляюцца ў дзівосны для іх свет далёкіх продкаў, іх таленту і майстэрства.
Гурткоўцы прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Шануй сляды мінулага” і атрымалі дыплом першай ступені.
Не сакрэт, што многія рамёствы на вёсцы адыходзяць у нябыт: паміраюць майстры, “ дзедаўскія” тэхналогіі замяняюцца новымі. Захаваць сакрэты майстроў, пераняць іх умельства – мэта сённяшняга дня клубнай установы. Адзіны са шляхоў – стварэнне адпаведных гурткоў ( “ Чараўніцы”, “ Калейдаскоп забаў”. Дзеці вучацца пляценню ( з папяровай “лазы”), вышыўцы і інш.